ПРЭС-РЭЛІЗ

 Прэзентацыя кнігі Францішка Жылкі “Млынарства ў Беларусі:

гісторыя і сучаснасць”

 7 кастрычніка а 16-й гадзіне ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) адбудзецца прэзентацыя кнігі Францішка Жылкі “Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (2021).

Францішак Баляслававіч – ураджэнец Смаргоншчыны, прадпрымальнік, мецэнат, даследчык-краязнавец, аўтар выданняў “Вілія вачыма вандроўніка: краязнаўчыя нарысы” (2012), “Мае ўспаміны” (2018) і шэрагу артыкулаў.

Яго новае выданне, у якім  адлюстравана гісторыя мукамольнай справы ў Беларусі, выйшла ў 2021 годзе ў выдавецтве “Энциклопедикс”. Францішак Жылка склаў фотатэку са здымкаў пачатаку XXI ст., на якіх зафіксавана багацце разнастайнай архітэктуры вадзяных млыноў Беларусі, іх гарманічнае спалучэнне з навакольнай асяроддзем.

У кнізе змешчана каля 500 даўніх і сучасных фатаграфій, апісаны цікавыя тэхнічныя і гістарычныя дэталі, а таксама выкарыстаны матэрыялы з успамінаў нашчадкаў беларускіх млынароў. Выданне ўключае спісы вадзяных млыноў з архіваў Вільні і Мінска, а таксама раздзелы, прысвечаныя млынам і млынарству ў вуснай народнай творчасці і творах мастакоў Беларусі.

Падчас мерапрыемства адбудзецца сустрэча з аўтарам і ўдзельнікамі выдавецкага праекта. Увазе гасцей будзе прадстаўлена кніга Францішка Жылкі “Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (2021), выстаўка-прагляд твораў аўтара і выданняў, прысвечаных млынарству на Беларусі.

Уваход на прэзентацыю вольны!

Тэл. для даведак: (8 017) 293 28 81

E-mail: pr@nlb.by