Газета “Новы Час”
Заснавальнік “Таварыства беларускай мовы”
23-09-2010
Беларуская шляхта: пошук каранёў | НовыЧас
Памятаць свой род да сёмага калена — традыцыя сцвярджае, што ў гэтым прынцыпе ўтрымліваецца залог трываласці роду, аснова патрыятычнага выхавання, перадумова фармавання грамадзянскай пазіцыі. Апірышча, каб не быць бяспамятным манкуртам. У даўнія часы вернасць сямейнай гісторыі найбольш выяўлялася ў асяроддзі шляхецкага саслоўя. Але ў краіне Саветаў страх быць рэпрэсаваным, расстраляным толькі за наяўнасць высакародных каранёў прымушаў старэйшае, народжанае яшчэ да катастрофы 1917 года пакаленне хаваць ці знішчаць пажоўклыя дакументы, замоўчваць таямніцы сямейных вытокаў, паданні і легенды.
Сёння сітуацыя мяняецца. У закінутых маёнткаў знаходзяцца былыя гаспадары — хаця права рэстытуцыі пакуль не гарантавана дзяржавай. Ведаць, адкуль твой род, робіцца пачэсным і прэстыжным. Сучасныя тэхналогіі, як кампутарная праграма Family Tree Maker, дапамагаюць аматарам аднаўляць уласныя генеалагічныя дрэвы, па зярнятку знаходзячы і парадкуючы інфармацыю пра жыццё мінулых пакаленняў. Тыя, чые продкі з’ехалі з радзімы ў ЗША, спачатку ратуючыся ад эканамічнай эксплуатацыі расійскай метраполіяй каланіяльных правінцый, да ліку якіх належала і Беларусь, а потым — ад расійскіх бальшавікоў, у электронным рэсурсе www.ellisisland.org знаходзяць імёны сваіх далёкіх продкаў, ажно ўключаючы месца на параходзе і дату перасячэння акіяна па дарозе ў Новы Свет.
Шляхетнасць у сваіх родавых каранях мае шанец знайсці ладная частка суайчыннікаў — у Беларусі пад канец ХVIII стагоддзя доля шляхты складала 10–12 працэнтаў насельніцтва (1 працэнт — у Расіі, Прусіі, Аўстрыі). Але пасля падзелаў Рэчы Паспалітай для Расіі, якая захапіла нашы землі, непакорны, вольналюбівы і патрыятычны дух беларускіх нобіляў быў нібы костка ў горле — і колькасць шляхты скарацілася. Як фізічна, так і юрыдычна. Шляхта была рухавіком вызваленчых паўстанняў 1794, 1830–1831 і 1863–1864 гадоў. У сваю чаргу, расійскі цар Мікалай І, які меў ганебную мянушку «Палкавіч», сваім указам у кастрычніку 1831 года загадаў герольдыям пачаць «разбор шляхты» — мерапрыемства, калі шляхта павінна была дакументальна пацвердзіць свае правы. У большасці беларускай шляхты, хаця гісторыі многіх цягнуліся ад баяраў ХІІІ стагоддзя, галоўным доказам заставалася прызнанне іх статусу суседзямі ды наяўнасць шаблі пры боку. Ці партрэтаў продкаў на сцяне сядзібы. Так за некалькі дзесяцігоддзяў толькі ў Мінскай губерні працэнтны склад высакароднага саслоўя ўпаў да 3,5%.
А часам імкненне шанаваць сямейныя карані, калі спалучалася з жаданнем зацвердзіць уласнае сацыяльна-прэстыжнае становішча, разам з перабольшаным пыхлівым себялюбствам стваралі камічныя сітуацыі. Маем на ўвазе фальшывыя генеалогіі. У радаводзе «князёў» Жагеляў 1794 года, пададзеным у XIX стагоддзі ў герольдыі, спачатку Віленскую, а пазней Расійскую ў Санкт-Пецярбургу, паходжанне сям’і выводзілася «ад Гедыміна, сына яго Кейстута, унука Жыкгімонта, праўнука Міхала Жыкгімонтавіча, ад сына якога Станіслава паходзілі князі Міхайлавічы, пазней празваныя Жагелямі». Успамін пра гэты родавы міф ёсць у надпісе на партрэце Юрыя Аўгуста Жагеля ў экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску. Указам Сената і імператара Аляксандра ІІ 31 кастрычніка 1880 года Жагелям было адмоўлена ў карыстанні княжацкім тытулам. Але іх упартая барацьба за княжацкія генеалагічныя карані, што суправаджалася як няўдачамі, так і поспехамі, увайшла ў гісторыю літаратуры. Вялікі Адам Міцкевіч не без спачувальнай іроніі сярод герояў «Пана Тадэвуша» вывеў Жагеля, у вусны якога ўклаў фразу пра наяўнасць княжацкай мітры ў многіх гербах гістарычнай Літвы («znajdziesz pono mitry i w niejednym domu», «тут знойдзеш мітры ледзь не ў кожным дому»; пераклад П. Бітэля).
Так ці іначай, пошук каранёў сям’і — занятак захапляльны і карысны. У 1990-я гады перакананыя ў арыстакратычным паходжанні асобы, здольныя давесці шляхетнасць дакументальна, пачалі яднацца вакол «Згуртавання беларускай шляхты». А ў кастрычніку 2009 года пра сваё з’яўленне абвясціла Грамадскае аб’яднанне «Мінскае згуртаванне нашчадкаў шляхты і дваранства». Больш ліберальнае за папярэднікаў: праверка шляхецкага паходжання ажыццяўляецца ў ім ідэнтыфікацыяй прозвішчаў продкаў заяўніка па гербоўніках і энцыклапедыях. З наступнай, у станоўчым выпадку, выдачай сувенірнай рэканструкцыі набілітацыйнай граматы (з падобных арыгіналаў ХІХ стагоддзя) і выявы герба з геральдычнай легендай. На сённяшні дзень у шэрагах аб’яднання каля 1000 чалавек.
За каментарам пра дзейнасць аб’яднання «Мінскае згуртаванне нашчадкаў шляхты і дваранства» я звярнуўся да яго старшыні і адначасова дырэктара выдавецтва «Энцыклапедыкс» (вядомага серыйным праектам «Хто ёсць хто ў Беларусі») Ігара Чакалаў-Шыдлоўскага.
Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі: «У кожнага з нас ёсць свая гісторыя»
— Чаму наша аб’яднанне імкнецца да адраджэння шляхецкага духа? Па-першае, мы пазіцыянуем сябе як спадкаемцы шляхецкіх і дваранскіх традыцый. Мы падкрэсліваем, што дзяржава ў нас не саслоўная, але важным з’яўляецца вяртанне страчанай высокай культуры і ўкараненне яе ў штодзённым жыцці ў розных яе праявах. Якія звароты мы чуем, перасекшы мяжу з Польшчай? «Пан, пані…» А ў нас жа гучыць: «Жэншчына, падзьвінцеся!» — таму што 80 гадоў маргінальнага кіравання краінай не маглі не пакінуць слядоў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
У кожнага з нас ёсць свая гісторыя і сямейныя паданні. У кагосьці — архіўна пацверджаныя дакументы, у кагосьці — падпісаныя фотаздымкі, з выявамі асобаў, якія служылі на высокіх шляхецкіх ці дваранскіх пасадах, што відаць па ўбранні і паставе. У кагосьці ёсць проста сямейнае паданне, пра якое нашаптала бабуля, яшчэ баючыся казаць праўду ўслых, ці распавёў дзядуля. Нехта памятае, як продкі-сваякі знішчылі старадаўнія дакументы. Па-савецку тыповая сітуацыя: бацька аднаго з сябраў нашага аб’яднання ў 1970-я гады атрымаў высокую пасаду. І хаця за шляхецкія карані ў той час ужо не саджалі ў турму і не расстрэльвалі, ён палічыў за лепшае спаліць усе дакументы.
Між тым, шляхта з’яўлялася стрыжнем і асновай дзяржавы, яна дзяржаву стварыла, за яе памірала ў войнах, пралівала кроў. Яна была сапраўднай структурай грамадства: ні ў Заходняй Еўропе, ні тым больш у Расіі шляхта настолькі не ўваходзіла ўглыб народа. 90% шляхты — бедная, «шарачковая», сама апрацоўвала зямлю, але насіла пры боку на кунтушы шаблю, выбірала ўладу ад мясцовай да караля, судзіла суд і хадзіла на вайну. На вайне шляхціц мог зарабіць грошы і здабыць пасады, вылучыцца, а мог страціць руку і нагу, а то і жыццё. Калі не шанцавала, шляхціц вяртаўся няздатным да працы калекам, і тады сям’я бедавала нават на агульным грамадскім фоне. Магла жыць бядней за суседніх сялян, якія здабывалі дастатак з простай апрацоўкі зямлі.
Вельмі важнае адраджэнне духоўных і агульначалавечых стасункаў, якія караняцца ў спадчыне шляхецкай культуры. Калі наша новая шляхта збіраецца на экскурсіі, музычныя вечарыны, мы бачым паміж сабой асобыя адносіны: раней не знаёмыя людзі сустракаюцца ветліва і радасна. Людзі сябруюць — у аб’яднанні збіраюцца аднадумцы, блізкія па духу, прыходзяць з дзецьмі, сем’ямі, сустракаюцца асобы ад 5 да 75 гадоў узросту — розныя пакаленні. Гэта, можа быць, самае каштоўнае.
— Далучанасць да новага кола нешта змяняе ў іх жыцці?
— Сябры нашага аб’яднання пачынаюць іначай чытаць кнігі па гісторыі, заўважаючы ў рэтраспектыве стагоддзяў тую сувязь, якую і 80 гадоў савецкай улады і ўваходжанне ў Расійскую імперыю перарвалі. Яны бачаць і чуюць — ад эпохі Грунвальда — гербы і прозвішчы ваяроў, якія прыгадваюцца ў рэестрах войскаў, якія паўтараюць іх уласныя. І зусім іначай усведамляюць ролю свайго роду ў гісторыі. Адчуваюць фамільную генетычную повязь з лёсам радзімы.
Належнасць да згуртавання ўзмацняе цікаўнасць да папулярнай і прафесійнай гістарычнай літаратуры: зусім не гуманітарыі чытаюць і перачытваюць кнігі Уладзіміра Караткевіча, Адама Мальдзіса, Уладзіміра Арлова…
Генатып праяўляецца таксама ў фенатыпе: калі збіраецца шляхецкая грамада, 50–60 ці болей чалавек, людзі збоку здзіўляюцца: адкуль столькі прыгожых людзей разам? Твары, постаці захавалі гістарычны тыпаж, які мы можам бачыць на старасвецкіх партрэтах! Гэта дзіўна, але … Як пародны конь вылучаецца перад цяглавым, ці пародны сабака — перад дварняком, так і чалавек, высакародныя шляхецкія гены якога прайшлі стагоддзі шліфоўкі праз адукацыю, кодэкс паводзін, выхаванне пакаленняў яго продкаў, вылучаецца сярод іншых.
— Як выбіралася назва аб’яднання?
У кожным слове назвы — «Мінскае згуртаванне нашчадкаў шляхты і дваранства» — ёсць сэнсавая нагрузка. Нашчадкі — таму што вядзецца пра спадкаемства традыцыі. Магчыма, прасачыць пакаленны роспіс усіх генерацый сям’і, які зазвычай вёўся ў шляхецкіх фаміліях, мы зможам у 10% выпадкаў. Ёсць аб’ектыўныя прычыны: у архівах не захаваліся дакументы, яны часткова вывезены ў суседнія краіны (Польшчу, Літву, Расію), часткова знішчаны. Але экстрапаляцыя колішняй колькасці шляхты ў 10–12% на сённяшні час і адносная да іншых лічба шляхетных прозвішчаў, вядомых па гербоўніках, дазваляе меркаваць, што спадчыннікаў шляхты ў Беларусі — прыкладна 1 мільён. Цікава, што ў 1920–1930-я гады многія, хаваючыся, мянялі прозвішчы, часам зменай адной ці некалькіх літар. Некалькі чалавек, якія прыйшлі ў наша аб’яднанне, аднавілі іх гістарычнае гучанне, вярнуліся да імёнаў прадзедаў.
Сустракаюцца і асобы, якія, маючы шляхецкія прозвішчы, не адчуваюць сябе нашчадкамі высакароднага саслоў’я. Магчыма, яны — спадкаемцы шляхты з несапраўднымі, калісьці падробленымі дакументамі. Загадка генаў…
— Аб’яднанне часткова сутыкаецца са сферай міфатворчасці?
— Мы не так патрабавальныя да дакументавання генеалогіі, як сябры «Згуртавання беларускай шляхты» ці спецыялісты Нацыянальнага гістарычнага архіва, хаця ў нас працуюць з дакументамі кандыдат гістарычных навук, аўтар кніг па генеалогіі Аляксандр Залівака і кандыдат гістарычных навук, выдавец кніг метрыкі ВКЛ Валеры Менжынскі. Ёсць іншая звышмэта: сваёй дзейнасцю аб’яднанне спрыяе пераадоленню вялікай хібы нашай культурнай традыцыі — адсутнасці гераічнага гістарычнага міфа.
Не трэба меркаваць, што нацыянальны міф нараджаецца сам сабой — яго неабходна ствараць і свядома ўкараняць. Прыгадайце нашы казкі — там мы не сустрэнем гераічных вобразаў. А яны патрэбна нацыі. У літаратуры для Беларусі іх з глыбіні стагоддзяў пачаў выводзіць Караткевіч, бо наша польскамоўная традыцыя ХІХ стагоддзя не была адаптаваная новай беларускай нацыяй.
На матэрыяле шляхецкай гісторыі — як агульнай, так і лёсаў асобных фамілій і гербаў, — можа быць створаны гераічны міф. У літаратурнай, выяўленчай форме, у выглядзе фільмаў і мультфільмаў — чаго заўгодна. Генрык Сянкевіч стварыў польскі нацыянальны міф — далёкі ад гістарычнай праўды. Ён трактуе гісторыю з пункту гледжання Польшчы — а як яшчэ яе будзе паказваць паляк? Свае міфы нарадзіла Расія, і цяжка патрабаваць ад расіян, каб яны пісалі гісторыю ў «беларускім аспекце». Без нацыянальнага гістарычнага беларускага міфа, прычым гераічнага, культурнае нацыянальнае адраджэнне на пачатку ХХІ стагоддзя наўрад ці магчымае.
І падставы, грунт для творчасці ёсць: беларуская шляхта, беларуская геральдычная традыцыя — адна са старажытных у Еўропе, значна больш глыбокая за расійскую. Манеры, культура, танцы, якія ішлі з глыбіні стагоддзяў, — аспекты старажытнай выхаванасці і падрыхтаванасці адчынялі беларускай шляхце ў часы Расійскай імперыі дзверы і адукацыйных устаноў, і імператарскага двара. Імперыя «расла» лепшымі людзьмі скораных народаў — таму і Чартарыйскі мог атрымаць пасаду міністра замежных спраў Расіі. І нават у Расійскай імперыі (у адрозненне ад СССР), пры ўсіх яе мінусах, немагчыма было ўявіць Катынскі лес для шляхты ВКЛ.
Нарэшце, беларуская геральдыка ясна паказвае, што ВКЛ здаўна жыло ў еўрапейскім кантэксце. У сярэднявечным Еўрапейскім саюзе. Таму арыстакратычныя шлюбы нярэдка былі інтэрнацыянальнымі. І служылі пры дварах — у нас замежнікі, мы — за мяжой. ВКЛ цалкам трапляла ў еўрапейскі культурны, палітычны, гістарычны кантэкст. У нашым аб’яднанні сёння сустракаюцца сведчанні былых кантактаў, прозвішчы — Мюнхгаузен, Тулуз-Латрэк і іншыя.
***
«Мінскае згуртаванне нашчадкаў шляхты і дваранства» на базе выдавецтва «Энцыклапедыкс» пашырае і папулярызуе веды па гісторыі шляхты і дваранства, па генеалогіі. Пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі выдадзена ўнікальная ў паліграфічным, выяўленчым і змястоўным планах кніга «Геральдыка Беларусі», да якой выдатныя тэксты і матэрыялы падрыхтаваў Анатоль Цітоў. У 2009 годзе з’явіўся зборнік дакументаў з гісторыі высакароднага саслоў’я Беларусі і суседніх дзяржаў. Да наступнага года выдавецтва рыхтуе даведнік па сімволіцы шляхецкіх і дваранскіх гербаў — бо ў геральдыцы кожная рыса мае глыбокі, амаль сакральны сэнс і літаральна інтрыгуе гістарычнымі таямніцамі… Тым, хто сёння пачынае шукаць свае карані, зрабіць гэта становіцца лягчэй. Але варта не губляць час.
Аляксей Хадыка
Comments are closed.